У школах ад бацькоў патрабуюць заяву, калі дзеці прыходзяць без тэлефона

Дзіця з мабільнікам, ілюстрацыйнае фота

Дзіця з мабільнікам, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com

У беларускіх школах з 1 верасня дзейнічае забарона на выкарыстанне мабільнікаў падчас заняткаў (за некаторымі выключэннямі). Дзеці павінны здаваць тэлефоны, прыходзячы ў школу, а назад атрымліваюць — пакідаючы яе.

Аднак у некаторых вучняў узніклі непрадбачаныя складанасці. Чытач партала "Смартпресс" падзяліўся паведамленнем класнага кіраўніка ў бацькоўскім чаце. У ім гаворыцца, што бацькі павінны напісаць заяву, калі дзіця ходзіць у школу без мабільніка. У іншым разе школьніка будуць лічыць прагульшчыкам і парушальнікам.

Маўляў, заяву трэба напісаць на ўвесь год, і яна будзе захоўвацца ў адпаведнай ячэйцы скрынкі для тэлефонаў. "Калі тэлефона няма і інфармацыі па вашай заяве няма, то лічыцца, што дзіця адсутнічае альбо не здало свой тэлефон і тым самым парушае правілы ўнутранага распарадку", — адзначае класны кіраўнік.

Таксама ў паведамленні гаворыцца, што пасля апошняга ўрока школьнікі ідуць наніз толькі з настаўнікам і забіраюць тэлефоны, калі яны былі. Дзеці без тэлефонаў чакаюць усіх і разам з настаўнікам спускаюцца ў гардэроб.

Чытач абураны такім парадкам. Ён кажа, што ў некаторых дзяцей ёсць дадатковыя заняткі, а некаторыя жывуць далёка ад школы, і незразумела, навошта іх затрымліваць, пакуль іншым аддадуць мабільнікі.

Выданне адзначае, што Мінадукацыі афіцыйна прапісала, што школа можа вызначаць свае правілы карыстання мабільнікамі, але абавязковай заявы, што дзіця не будзе насіць тэлефон у школу ўвесь год, у заканадаўстве няма. Гэта прыдумала школьная адміністрацыя для зручнасці і падстрахоўкі. Такім чынам спрабуюць адрозніць дзяцей, якія не прыносяць тэлефон, ад тых, хто забыўся здаць. Таксама школа такім чынам падстрахоўваецца ад адказнасці за "страту" тэлефона, якога не было.

Абавязковае чаканне каля скрыні з тэлефонамі таксама з'яўляецца ініцыятывай школьнай адміністрацыі, бо настаўніку прасцей адвесці ўсіх вучняў адразу, чым адпускаць па адным.

Бацькам раяць звяртацца з такімі прэтэнзіямі да школьных адміністрацый і спрабаваць дамагчыся зменаў калектыўнымі зваротамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.