У Рэчыцы вынеслі пажыццёвы прысуд за двайное забойства

За забойства дваіх чалавек на пажыццёвае зняволенне асуджаны 38-гадовы неаднаразова судзімы жыхар Рэчыцкага раёна. Прысуд вынесены сёння, 27 сакавіка, але пакуль не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Абвінавачанаму таксама інкрымінуюць крадзеж і апаганьванне трупа. Апроч зняволення ён павінен выплаціць пацярпелым 150 мільёнаў рублёў кампенсацыі і прайсці прымусовае лекаванне ад алкагалізму.

Увесну мінулага года жыхар вёскі Бязуеў Рэчыцкага раёна забіў дваіх аднавяскоўцаў: 74-гадовую жанчыну і 40-гадовага мужчыну. Спачатку яго затрымалі за забойства прыяцеля, з якім у яго здарылася п’яная сварка. Пасля затрымання ён прызнаўся, што раней забіў суседку-пенсіянерку, таксама ў часе сваркі. Труп жанчыны ён вывез на звалку і выкінуў у яр з вадой.

Раней мужчына меў судзімасць за забойства па неасцярожнасці. На судзе ён сказаў, што злачынствы не былі задуманыя ці спланаваныя і папрасіў даравання ў сваякоў ахвяраў і аднавяскоўцаў, перадае БелаПАН.