У Расіі паўсталі праблемы з вакцынай супраць ротавіруснай інфекцыі і вятранкі
У Беларусі прышчэпкі супраць вятранкі і ротавіруснай інфекцыі таксама не ўключаныя ў нацыянальны каляндар прышчэпак / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Прышчэпкі ад ротавіруснай інфекцыі і ветранай воспы так і не з'явіліся ў расійскім нацыянальным календары прышчэпак. Хоць гэта было прадугледжана стратэгіяй развіцця імунапрафілактыкі да 2035 года, пішуць расійскія "Ведомости".
У Мінпрамгандлю Расіі патлумачылі, што сродкі на закупку гэтых вакцын у бюджэце на 2023-2025 гады не прадугледжаныя. Грошы не закладвалі, таму што думалі, што вакцыны пачнуць выпускаць у Расіі. Аднак праекты зараз спыненыя. Таму што паўсталі пытанні камерцыйнага плана і "ацэнкі клінічнай эфектыўнасці прэпаратаў", а таксама абставіны, "не залежныя ад кампаніі".
Зараз ад ротавіруса, вятранкі і менінгакокавай інфекцыі ў Расіі прышчапляюць толькі па эпідэмічных паказаннях — прызыўнікоў, людзей з груп рызыкі і жыхароў рэгіёнаў, дзе інфекцыі распаўсюджваюцца ўжо працяглы час.
У Беларусі гэтыя інфекцыі таксама не ўключаныя ў нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. У Міністэрстве аховы здароўя мяркуюць, што гэта немэтазгодна — ветраная воспа ў Беларусі не мае масавага распаўсюджвання. Захворванне характарызуецца лёгкім працяканнем, ускладненні пасля хваробы практычна не рэгіструюцца. У нацыянальны каляндар прышчэпак Беларусі ўваходзіць 12 асноўных інфекцыйных захворванняў (туберкулёз, вірусны гепатыт В, дыфтэрыя, слупняк, кохлік, гемафільная інфекцыя, поліяміэліт, адзёр, паратыт, краснуха, пнеўмакокавая інфекцыя (групы рызыкі), грып (групы рызыкі).