У Польшчы затрымліваюць беларусаў, якія прыехалі "фальшывым транзітам"

Польскія памежніцы, ілюстрацыйнае фота / strazgraniczna.pl
Польскія памежнікі затрымліваюць беларусаў, якія скарысталіся "фальшывым транзітам", каб папрасіць пра міжнародную абарону. Суд вырашае, ці будуць яны чакаць вынікаў разгляду просьбы ў закрытым лагеры для ўцекачоў. Пра гэта выданню "Позірк" паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.
"Беларусы, у якіх не было візы, карысталіся так званым "фальшывым транзітам": ляцелі з адной бязвізавай краіны ў іншую, а падчас транзіту падаваліся ў Польшчы на прытулак. Як правіла, гэта датычыць вылетаў з Грузіі", — патлумачыў праваабаронца.
Часцей за ўсё гэта былі беларускія палітуцекачы, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння пашпарта і якія не могуць атрымаць візу. Раней у Польшчы ў іх прымалі заявы аб наданні прытулку і, як правіла, не затрымлівалі. Але з канца чэрвеня практыка змянілася.
Паводле Кісляка, цяпер затрымліваюць усіх і суд вырашае, дзе чалавек будзе чакаць рашэння па сваёй справе — у закрытым лагеры ці на волі. "І некалькі чалавек ужо ў лагеры", — заявіў праваабаронца.
Кісляк кажа пра чатыры такія выпадкі з 24 чэрвеня. Двое беларусаў перабываюць у закрытым лагеры для мігрантаў, двое — на волі, так вырашыў суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.