У Польшчы выявілі саўдзельнікаў украінцаў, якія зладзілі дыверсію на чыгунцы

Польская чыгунка

Польская чыгунка / PAP

Двое ўкраінцаў, якіх у Польшчы падазраюць у здзяйсненні дыверсіі, мелі саўдзельнікаў. Польскія праваахоўнікі выявілі яшчэ чатырох падазроных у датычнасці да выбухаў на чыгунцы, паведамляе польскае інтэрнэт-выданне Onet.

Адзначаецца, што ўсе яны маюць украінскае грамадзянства і пражываюць у Польшчы. Паліцыя выявіла іх асобы і месца жыхарства.

Дзве дыверсіі на чыгунцы ў Польшчы адбыліся ў нядзелю, 16 лістапада. Былі ўзарваныя рэйкі на трасе Варшава-Люблін у Гарволінскім і Пулаўскім паветах. Пазней польскія ўлады заявілі, што акцыю па заданні расійскага ФСБ правялі двое грамадзян Украіны, якія пражываюць у Беларусі. У Польшчу яны трапілі з тэрыторыі нашай краіны і вярнуліся туды пасля дыверсіі, калі іх асобы яшчэ не выявілі.

У адказ на дзеянні Расіі міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў пра закрыццё расійскага консульства ў Гданьску. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.