У Петрыкаве расіянін зарэзаў і спаліў свайго сябра (фота)

58-гадовага жыхара Расіі будуць судзіць за забойства свайго суайчынніка, якое адбылося ў Петрыкаве ў снежні мінулага года. Расследаванне гэтай справе завершанае. Як паведамляе “Гомельская праўда”, забіты 49-гадовы жыхар Масквы хацеў адрамантаваць у Беларусі свой аўтамабіль і прыгнаў яго ў Петрыкаў, дзе жылі сваякі жонкі. Машыну пакінулі ў гаражы знаёмага, а праз нейкі час гаспадар прыехаў у Беларусі са сваім сябрам, каб заняцца рамонтам аўто.

9 снежня ў тым самым гаражы мужчыны спачатку выпівалі, а потым пасварыліся. Прыяцель гаспадара машыны нанёс сваёй ахвяры не меней за 9 удараў нажом у грудзі, з-за чаго той і сканаў на месцы. Пасля гэтага абвінавачаны вырашыў схаваць сляды злачынства і падпаліў гараж.

Калі пажарныя разбіралі завалы на месцы здарэння, то знайшлі абгарэлы труп, а таксама нож і сляды крыві. Яны паведамілі пра знаходку ў міліцыю і праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што  смерць мела крымінальны характар.

Затрыманага расіяніна будуць судзіць за забойства з асаблівай жорсткасцю, а таксама за знішчэнне маёмасці, здзейсненае грамадсканебяспечным спосабам.

Фота: gp.by