У панядзелак суды не штрафуюць, даюць па 10 ці 15 сутак арышту

11 траўня ў 12 гарадах краіны (у Брэсце, Віцебску, Глыбокім, Жлобіне, Кобрыне, Лідзе, Магілёве, Мазыры, Наваполацку, Оршы, Паставах і Полацку) судзяць актывістаў і прыхільнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага. У апошнія дні многіх з іх затрымлівалі ці за ўдзел у сустрэчах з Ціханоўскім, ці за асвятленне гэтых сустрэч.
Як паведамляюць праваабаронцы, у панядзелак у Брэсце судзілі мясцовага блогера і лідара пратэстаў у горадзе Сяргея Пятрухіна. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у брэсцкай акцыі па "кармленні галабоў" і вядзенні стрыма. Пятрухін паведаміў суддзі Дзмітрыю Куроўскаму, што у яго тэмпература 37,3, а ў ізалятары разам з ім былі людзі ў тэмпературай, да іх прыязджала хуткая. Аднак суддзя на гэта не звярнуў увагі.
У Оршы Ілля Ціханаў і Аляксандр Андрэеў атрымалі па 10 сутак арышту кожны. У Жлобіне Віталь Грыцкоў асуджаны на 15 сутак за "актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". У Лідзе бацька чатырох дзяцей Павел Анціпкін атрымаў 15 сутак. Суддзю таксама не хвалюе, што Анціпкін хварэе.
Суды працягваюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.