У Оршы ловяць футбольных фанатаў за марш па цэнтры горада (фота)
У першы ж дзень затрымалі 20-25 чалавек.
16 лістапада ў Оршы адбыўся футбольны матч паміж клубамі "Орша" і "Крумкачы". Перад матчам мясцовыя фанаты групай прайшлі ад будынка езуіцкага калегіюма да стадыёна. Яны неслі банер і палілі фаеры.
Як піша сайт belultras.by, пасля таго, як інфармацыя пра шэсце з'явілася ў СМІ, міліцыя ацаніла яго як несанкцыяванае шэсце з элементамі палітыкі. Аршанская міліцыя пачала шукаць удзельнікаў акцыі з дапамогай фатаграфій на сайтах і ў сацыяльных сетках, а таксама з дапамогай вулічных камер назірання і запісаў са стадыёна.
Паведамляецца, што ў аўторак 18 лістапада ў горадзе пачалася аблава на фанатаў. Моладзь выклікалі да ўчастковых, забіралі з вучобы і працы, з дамоў. Фанаты кажуць, што часам з дамоў іх забіралі амапаўцы, хаця маладыя людзі не збіраліся супраціўляцца. За першы дзень аблавы, па словах відавочцаў, было затрымана каля 20-25 чалавек. Сярод іх былі і тыя, хто не меў дачынення да шэсця.
19 лістапада аблава працягнулася, гэтым разам затрымоўвалі пераважна паўналетніх фанатаў футбольнай каманды. Непаўналетнім давалі падпісваць пратакол тлумачэння і адпускалі, на паўналетніх складалі пратакол за ўдзел і арганізацыю несанкцыянаванага шэсця. Суд аштрафаваў за акцыю трох чалавек.
Паведамляецца, што міліцыя дагэтуль працягвае шукаць фанатаў, якія ўдзельнічалі ў шэсці.
Фота — orsha.eu