У новы праект санкцый ЕС уключылі беларуску, высланую з Чэхіі за шпіянаж

Наталля Судлянкова / HB
Беларускую журналістку Наталлю Судлянкову ўключылі ў праект 17-га пакета санкцый Еўрасаюза. Кансультантка па СМІ і PR трапіла ў спіс адказных за "дэстабілізуючую актыўнасць", перадае Радыё Свабода.
У тлумачэнні ў праекце пастановы пазначана, што Судлянкова займаецца распрацоўкай медыяпрадукцыі на замову, "якая ўключае маніпуляцыі інфармацыяй і распаўсюд ілжывых наратываў, накіраваных на падтрымку знешнепалітычных інтарэсаў Расіі і падрыў грамадскага даверу да чэшскіх нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасцяў і працэсаў Еўрасаюза".
Таксама ў дакуменце сцвярджаецца, што Судлянкова працяглы час атрымлівала заданні з Расіі і фінансавую ўзнагароду, маніпулявала інфармацыяй, прызначанай для грамадскасці Чэхіі ды іншых дзяржаў-чальцоў ЕС, а таксама супрацоўнічала з расійскімі дзяржаўнымі структурамі, якія прадстаўляюць інтарэсы РФ, ды супрацоўнікамі ГРУ.
Судлянкова была журналісткай у Беларусі. У выніку палітычнага пераследу атрымала ў 1999 годзе палітычны прытулак у Чэхіі. Там яна супрацоўнічала з Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода і з выданнямі Týden і Lidové noviny. Потым стала галоўнай рэдактаркай рускамоўнага штотыднёвіка "Пражский телеграф".
2 красавіка Служба бяспекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) заявіла, пра санкцыі супраць Судлянковай за яе супрацу з расійскай спецслужбай ГРУ. Яе прымусілі пакінуць Чэхію цягам 30 дзён. Першага траўня Судлянкова вылецела з Прагі ў Стамбул, а адтуль — у Маскву. У інтэрв'ю чэшскім журналістам 12 красавіка беларуска не прызнала, што працавала на рэжым Пуціна і падтрымлівала кантакты з супрацоўнікамі расійскай разведкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.