У Нідэрландах выйшла кніга пра песню "Перамен!" і беларускія пратэсты 2020 года

Кніга Петэра Вармеерша

Кніга Петэра Вармеерша / De Bezige Bij

У нідэрландскім выдавецтве De Bezige Bij выйшла кніга "Пульс. Як адна поп-песня дае надзею Усходняй Еўропе" (Polsslag. Hoe een popsong Oost-Europa hoop geeft) — пра песню "Перамен!" і яе ролю ў беларускіх пратэстах 2020 года, піша Reform.news.

Аўтар — прафесар паліталогіі з Левенскага каталіцкага ўніверсітэта Петэр Вермеерш — даследуе ролю музыкі як супраціву ва аўтарытарнай Беларусі, а таксама і ў Савецкім Саюзе.

Асобная частка кнігі прысвечана беларускім музыкам і падзеям: згадваюцца гурт Irdorath, які іграў "Перамен!" на дудах падчас маршоў, іх арышты, вызваленне і эміграцыя; а таксама "дыджэі пераменаў", што ўключылі песню Віктара Цоя на перадвыбарчым мітынгу ў 2020 годзе.

"Пратэст аказаўся марным, але “Перамен!” стала песняй надзеі нават для ўсёй Усходняй Еўропы", — гаворыцца ў анатацыі да кнігі.

На сайце кнігі таксама ёсць саундтрэк пратэсту — ад "Перамен!" і Янкі Дзягілевай да трэкаў беларускіх ывканаўцаў: Nizkiz, "Ляпіс Трубяцкой", "Дай Дарогу!", Лявон Вольскі і іншыя.

"Гэта кніга — гісторыя расчаравання і надзеі, стратаў і трываласці. Што рухае людзьмі? Дзе яны чэрпаюць мужнасць, каб працягваць змагацца з прыгнётам? І ў чым сакрэт музыкі ў барацьбе за свабоду?", — задае пытанні аўтар кнігі.

Прафесар паліталогіі Петэр Вермеерш таксама вядомы па кнігах "Ex" і "Notes on a Murder", яго эсэ публікаваліся ў газетах De Standaard і De Correspondent. У вольны час Петэр захапляецца музыкай.

Кнігу можна набыць на сайце выдавецтва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.