У Наваполацку зробяць дзіцячую праваслаўную царкву з кавярняй і кіназалай
Будоўля, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Наваполацку адзін з дзіцячых садкоў хочуць перарабіць у духоўны цэнтр. Там плануецца размясціць царкву ў гонар прападобнага Сергія Раданежскага — апекуна вучняў. Акрамя царквы ў цэнтры будуць моладзевая кавярня і кіназала. Асноўнымі прыхаджанамі царквы стануць дзеці, заявіў епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.
У кавярні паставяць столікі, за якімі змогуць размясціцца па шэсць-восем чалавек. На думку епіскапа, у кавярню будуць прыходзіць сем'ямі: бацькі змогуць адправіць дзяцей на заняткі ў нядзельнай школе, а самі — сесці перакусіць і пагутарыць.
У кіназале плануецца дэманстраваць фільмы на духоўную тэматыку, якія распавядаюць пра жыццё святароў у даступнай і займальнай форме.
Паводле епіскапа, у царкве будуць таксама класы для заняткаў музыкай і нядзельная школа для моладзевых брацтваў.
Ідэю падтрымала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.