Як пазбегнуць СНС пры навучанні дзіцяці за мяжой: вопыт сям'і і парады юрысткі

Змены ў Кодэксе аб адукацыі ўступяць у сілу з першага верасня ў Беларусі / pixabay.com
З першага верасня ў Беларусі набудуць моц змены ў Кодэксе аб адукацыі. Сярод іншага ўлады абавязалі беларускіх дзяцей атрымліваць адукацыю выключна ў беларускіх навучальных установах.

У інтэрв'ю "СБ" намеснік Міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай аргументаваў гэта тым, што "для юных беларусаў вельмі важна ведаць сваю гісторыю":
— Толькі ў нашых школах яны могуць вывучаць "Гісторыю Беларусі", "Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі", "Беларускую мову", "Беларускую літаратуру", раздзел "Геаграфія Беларусі". У нашых установах адукацыі значную ўвагу надаюць выхаваўчай рабоце: развіццю патрыятызму, любові да традыцый і культуры беларускай дзяржавы.
Гэта азначае, што цяжкасці могуць узнікнуць не толькі ў дзяцей, якія навучаюцца анлайн у замежных школах, але і ў тых, хто жыве за мяжой разам з бацькамі-палітэмігрантамі.
Згодна з пастановай ад 2019 года, дзяцей бацькоў, якія перашкаджаюць атрыманню абавязковай агульнай базавай адукацыі, могуць прызнаць за тых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).
Як паведаміць дзяржава аб ад'ездзе дзіцяці з краіны?
Беларус Арцём (імя замененае), які з сям'ёй нядаўна пераехаў у Польшчу, распавёў Еўрарадыё, што для вырашэння пытання дастаткова было напісаць заяву на імя дырэктара школы.
Пытанне вырашылася ўжо на дыстанцыі.
“Калі мы прыехалі ў Польшчу, то напісалі класнай паведамленне, што сын з'ехаў у іншую краіну і больш не будзе вучыцца ў Беларусі. Падручнікі па даверанасці аддасць сваяк", — кажа Арцём.

Звязацца з беларускімі дзяржорганамі (а менавіта раённым аддзелам адукацыі) можна і праз такія анлайн сродкі, як зварот.бел (для рэгістрацыя патрэбна беларуская сім-карта, можна выкарыстоўваць е-сім).
Таксама, яшчэ перад ад'ездам можна аформіць даверанасць на сваяка, які можа займацца пытаннямі са школай.
"Лепш за ўсё паведаміць у аддзел адукацыі, што дзіця атрымлівае адукацыю за мяжой. Гэта важна, таму што ўстаць на консульскі ўлік і выканаць усе фармальнасці бывае вельмі складана, асабліва калі вы жывяце ў Літве ці Польшчы.
Для пастаноўкі на консульскі ўлік патрэбны пашпарт і спецыяльная адзнака, якую ставяць толькі ў МЗС Беларусі. Гэта замкнёнае кола: без паездкі ў Беларусь — няма пячаткі, без пячаткі — няма ўліку, а без уліку — магчымыя праблемы з СНС і іншымі структурамі.
Каб пазбегнуць рызыкі пастаноўкі на ўлік як "ненавучэнца", я б рэкамендавала падаць заяву праз зварот.бел з указаннем, што дзіця вучыцца за мяжой. І дадаткова адправіць ліст у аддзел адукацыі па месцы рэгістрацыі, паведаміўшы, што дзіця праходзіць навучанне і ў яго ўсё ў парадку", — тлумачыць юрыстка.
"А пра тых дзяцей, пра якіх Беларусь не ведае, то і няма чаго баяцца", — кажа Колесава-Гудзіліна пра выпадкі, калі дзіця нарадзілася за мяжой.
Але што рабіць, калі сям'я выехала даўно з палітычных матываў, а дзеці ездзяць у Беларусь?
Юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна не раіць ездзіць у Беларусь дзецям, чые бацькі пераследуюцца па палітычных матывах.
"Гэта вельмі небяспечна — адпускаць дзіця, асабліва, старэйшае за 14 гадоў (у Беларусі некаторая крымінальная адказнасць настае з гэтага ўзросту). Яны могуць стаць такімі ж палоннымі, а други момант — гэта магчымасць забраць гэтае дзіця", — лічыць юрыстка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.