У Нацыянальным аэрапорце канфіскавалі кантрабанду гадзіннікаў
Буйная партыя гадзіннікаў і ўпрыгожанняў прыбыла са Швейцарыі.
Мінскія мытнікі канфіскавалі буйную кантрабанду гадзіннікаў і ювелірных вырабаў, агульны кошт якіх складае болей за 11 мільярдаў рублёў. Нелегальную партыю тавараў выявілі ў Нацыянальным аэрапорце, у які рэйсам з Жэневы прыбыў падазроны мужчына. З багажу ён меў пры сабе толькі невялікую торбу — гэта і насцярожыла мытнікаў. І хоць мужчына ў дэкларацыі напісаў, што не мае тавараў, якія трэба заяўляць, яго вырашылі праверыць.
У выніку мытнікі знайшлі ў яго незаяўленыя ювелірныя вырабы і эксклюзіўныя гадзіннікі Rolex, Hublot, Cartier ды іншыя — усяго 47 найменняў.
Кошт асобных гадзіннікаў перавышаў 122 тысячы долараў.
Спачатку мужчына казаў, што гадзіннікі і ўпрыгожанні яму не належаць, а потым паведаміў, што вёз “сувеніры” ў падарунак сваякам і сябрам. Аднак супрацоўнікі мытні ўпэўненыя, што тавар увозіўся з камерцыйных мэтах.
Суд пакараў кантрабандыста штрафам, гадзіннікі і ювелірныя вырабы канфіскаваныя ў даход дзяржавы, інфармуе Дзяржаўны мытны камітэт.