Украіна і Еўропа адхілілі ключавыя пункты "плана Трампа"

Уладзімір Зяленскі і міністр сухапутных войскаў ЗША Дэніэл Дрыскал

Уладзімір Зяленскі і міністр сухапутных войскаў ЗША Дэніэл Дрыскал / president.gov.ua

Кіраўнікі Украіны і вядучых еўрапейскіх краін адхілілі ключавыя пазіцыі "амерыканскага мірнага плана", які складаецца з 28 пунктаў і які ў СМІ ўжо назвалі "пракрамлёўскім". Пра гэта паведамляе rfi.fr па выніках тэлефоннай гутаркі Уладзіміра Зяленскага з лідарамі Францыі, Германіі ды Вялікабрытаніі.

Украіна і саюзнікі заявілі, што колькасць УСУ не можа быць зніжаная з цяперашніх 800-850 тысяч да 600 тысяч, бо яны павінны забяспечваць суверэнітэт дзяржавы.

Цяперашняя лінія судакранання павінна стаць адпраўной кропкай для любых мірных перамоваў, гаворыцца ў заяве на сайце нямецкага ўрада. Таксама ў "плане Трампа" прадугледжвалася поўная "перадача" Данбаса расійскім акупантам

Разам з тым удзельнікі перамоваў віталі намаганні ЗША па спыненні вайны ва Украіне. У прыватнасці, яны станоўча ацанілі прызнанне суверэнітэту Украіны і гатоўнасць даць ёй надзейныя гарантыі бяспекі.

У заяве французскага прэзідэнта падкрэсліваецца, "што любое рашэнне павінна ў поўнай меры ўлічваць удзел Украіны, захоўваць яе суверэнітэт і гарантаваць яе будучую бяспеку".

Тым часам крыніцы інфармагенцтва Reuters заяўляюць, што Вашынгтон цісне на ўкраінскія ўлады, патрабуючы падпісаць план з 28 пунктаў да наступнага чацвярга, 27 лістапада. Пры адмове Штаты пагражаюць скараціць абмен разведданымі і пастаўкі зброі Украіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.