Шар з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі прызямліўся на школьным двары

Цыгарэты / pixabay.com
Кантрабандысты паспрабавалі пераправіць у Літву чарговую партыю беларускіх цыгарэт, пішуць мясцовыя медыя. Але шар, да якіх была прывязаная скрынка з цыгарэтамі, прызямліўся не ў тым месцы. Яго знайшлі ў двары адной з гімназій Каўнаса.
"Што гэта за штука — паветраны шар з скрынкай? Яго там дакладна не было ні днём, ні ўвечары. Першая думка была-нейкая кантрабанда", — распавёў адзін з мясцовых жыхароў мясцоваму выданню пра тое, як пабачыў невядомы аб'ект уначы.
Інфармацыю аб магчымай кантрабандзе перадалі супрацоўнікам Службы аховы дзяржаўнай мяжы. Прадстаўнік службы Гедрус Мішуціс распавёў, што ў скрынцы, прывязанай да шара, знайшлі каля паўтары тысячы пачкаў беларускіх цыгарэт.
"У шароў ёсць тэхнічная магчымасць ляцець далёка. Хоць іх запускаюць з Беларусі, пры спрыяльных умовах надвор'я і напрамку ветру яны могуць пераадольваць больш за сто кіламетраў", — растлумачыў Мішуціс.
Паводле яго слоў, такія паветраныя шары звычайна запускаюць уначы.
"Гэта не першы выпадак, калі паветраны шар ляціць дзесьці над аблокамі на вялікай хуткасці. Кантрабандысты не ўлічваюць вышыню, кірунак ветру і г.д. Трэба валодаць мноствам спецыфічных ведаў, каб шар прызямліўся менавіта там, дзе яго можна падабраць", — сказаў Мішуціс.
Сёлета памежная служба Літвы зафіксавала 330 спробаў пераправіць беларускія цыгарэты шарам, летась іх было 226. Шары з беларускімі кантрабанднымі цыгарэтамі знаходзілі і на тэрыторыі Польшчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.