“Мы ж літоўцы, гэта ў нас у крыві” — размова з парамедыкіняй ПКК
Рыма “Сціч” Журайціс / @KalinouskiPolk
37-гадовая Рыма Журайціс з пазыўным “Сціч” кінула кар'еру ў фінансах ЗША, каб стаць баявым медыкам палка імя Кастуся Каліноўскага. Яна — праўнучка літоўскіх бежанцаў, якія эмігравалі ў Амерыку падчас Другой сусветнай вайны.
У гутарцы з Еўрарадыё Рыма распавяла пра тое, як апынулася ва Украіне, пра службу ў стабілізацыйным пункце і пра мару далей развівацца ў медыцыне.
“Быць медыкам — гэта таксама згода быць студэнтам усё жыццё”
—Распавядзі пра сябе, як ты апынулася ва Украіне?
— Ва Украіне я апынулася, калі пачала валанцёрыць. Але мой валанцёрскі шлях пачаўся ў 2014 годзе, калі Расія ўварвалася ў Крым. Тады мы займаліся больш адвакатаваннем і публічнымі справамі ў ЗША — сустракаліся з рознымі сябрамі Кангрэса і размаўлялі з імі пра свабоду Украіны і чаму ўварванне Расіі ва Украіну было праблемай.
А потым пасля поўнамаштабнага ўварвання я пачала больш займацца гуманітарнай дзейнасцю. Я прывозіла несмяротную гуманітарную дапамогу, але адчувала, што будзе лепш служыць людзям, калі стаць медыкам. Таму я вырашыла атрымаць усе сертыфікаты, прайсці навучанне ва Украіне і стала медыкам.
—Як на гэта адрэагавалі твае блізкія?
— Мая мама вельмі падтрымлівае. Так што ў мяне ніколі не было негатыўнай рэакцыі ад маіх сваякоў. Усе заўсёды вельмі падтрымлівалі. Мы ж літоўцы, гэта ў нас у крыві.
—Як даведалася пра полк Каліноўскага?
— Я ведала пра іх і раней, бо адна з няўрадавых арганізацый, з якімі мы працавалі ў мінулым, дапамагала ім.
Але гэта было, хутчэй, не асноўным. Калі я стала інструктарам па тактычнай медыцыне (TCCC — Tactical Combat Casualty Care), у мяне была група студэнтаў з палка Каліноўскага, менавіта англамоўных замежнікаў. І адзін з іх рэкрутаваў мяне, маўляў, мы ведаем, што ты шукаеш месца ў медыцынскай камандзе. Так атрымалася, што ў ПКК была вакансія, і я запісалася.
— Ці быў у цябе раней досвед у медыцыне?
— Усё маё навучанне адбывалася ва Украіне.
Гэта не знаходзіцца непасрэдна на “нулі”. Я не пяхотны медык, але мы заўсёды знаходзімся вельмі блізка.
— Што самае цяжкае ў тваёй службе?
— Самае цяжкае ў гэтай працы для мяне — пакуты, якія церпяць салдаты, і боль, які яны адчуваюць ад сваіх траўмаў. Мне цяжка назіраць за іх пакутамі. Таму я стараюся зрабіць усё магчымае, каб неяк дапамагчы, але менавіта з гэтым я змагаюся.
Ці калі мы ведаем, што ёсць хтосьці, каго мы не можам выратаваць, напрыклад, калі ахвяра ўжо загінула. Мне сумна за іх і іх сем'і. Я ведаю, што іх пакуты скончыліся, але пакуты іх сем'яў толькі пачынаюцца.
І страта сяброў. Я страціла некалькіх з іх, аднаго зусім нядаўна, і гэта было надзвычай цяжка.
Лягчэй ніколі не бывае. Ты проста спраўляешся са сваім горам і працягваеш функцыянаваць.
— За час вайны і, асабліва, службы, ці навучылася ты спраўляцца з сітуацыямі, калі немагчыма было ўратаваць чалавека?
— У мяне пакуль не было ахвяры, якую мы не маглі б выратаваць, якая памерла, пакуль яна была з намі [у стабпункце. — Еўрарадыё].
Гэта адзін з тых выпадкаў, якіх я не чакаю, відавочна. Але я сказала сабе, што, калі прыйдзе час, проста не трэба аглушаць сябе, не трэба намагацца не адчуваць гэтага, а проста прытрымлівацца эмоцый.
Для многіх з нас цалкам нармальна праходзіць тэрапію, і ў мяне яна ёсць. Нам усім трэба з кімсьці пагаварыць. І менавіта тут я выкарыстоўваю большасць такіх механізмаў пераадолення, размаўляю з кімсьці, хто можа дапамагчы мне перажыць многія з гэтых эмоцый і нялёгкую працу, якая ў нас ёсць.
Хацелася б, каб больш людзей рабілі так. Мяркую, што гэта было б вельмі карысна, але кожны спраўляецца па-рознаму.
У цэлым мой выбар пасля тэрапіі — рабіць розныя рэчы, звязаныя з мастацтвам ці нешта падобнае, альбо проста прапрацоўваць эмоцыі. Не адкідвайце іх убок, бо пасля будзе цяжэй гэта ўсё прапрацаваць.
— Як гэта быць жанчынай на вайне?
— Гэта сапраўды важнае пытанне, асабліва, у кантэксце, што ў гэтай сферы дамінуюць мужчыны. Таму мы заўсёды будзем мець справу з пэўным узроўнем мізагініі. Заўсёды будзе нейкая барацьба, кшталту: жанчыны не могуць выконваць гэтую працу, альбо нешта падобнае. Таму вам проста трэба прыняць гэта, пераадолець і працягваць рабіць сваю працу як мага лепш.
Гэта ніколі не будзе лёгка, і такім рэчам патрэбна шмат часу для зменаў. Таму важна не ўспрымаць асабіста, а ведаць, што змены ў сістэме павінны адбыцца пазней, і што наша задача — рабіць сваю працу як мага лепш, незалежна ад таго, наколькі гэта цяжка.
Чыя Вільня?
— Ці ведаеш ты пра канфлікт, падсычаны прапагандай, які адбываецца ў самой Літве паміж літоўцамі і беларусамі апошнім часам?
— Насамрэч я пра гэта не ведала, будучы літоўка-амерыканкай. Мы жывем крыху асобна ад самой краіны, таму я не ведала пра гэты ўнутраны канфлікт.
Што да мяне, я ўдзельнічала ў некаторых прабеларускіх пратэстах за свабодную Беларусь у Злучаных Штатах у 2020 годзе і падобных рэчах. Там былі і іншыя літоўска-амерыканскія людзі.
Такім чынам, з нашага боку — з боку літоўска-амерыканскай супольнасці, не было ніякіх канфліктаў з імі.
Мне шкада чуць, што гэта праблема ёсць у Літве, але я не ведаю падрабязнасцяў або кантэксту гэтага.
— Гэта акурат прыклад таго, як прапаганда ўплывае на супольнасць, бо цяпер людзі пастаянна пытаюцца, чыя “Пагоня” ці Вільня.
— На жаль, не думаю, што культурныя войны калі-небудзьзавершацца ў пэўным сэнсе. У мяне няма інфармацыі, каб… Я маю на ўвазе, як некаторыя беларускія сябры казалі мне: "Ну, вы, сябры, цяпер пад намі, і ўсё ў парадку". А я такая: "Ну, добра" (смяецца).
Гэта не значыць, што я не спадзяюся, гэта не значыць, што я не думаю пра будучыню, я проста не думаю пра яе шмат. Але галоўная мэта — заўсёды рухацца далей у медыцыне.
— А што табе дае сілы?
— Некалькі рэчаў. Гэта людзі вакол мяне, людзі, з якімі я працую, мая сям'я, мае сябры, усе, хто мяне падтрымлівае.
Мне дае сілу разуменне таго, што я дапамагаю людзям і салдатам, і гэта важна для мяне. Вось адкуль я чэрпаю сваю сілу — гэта разуменне таго, што я — яшчэ адзін чалавек, які з'яўляецца пазітыўнай асобай для салдат, што атрымалі раненні і прыходзяць па дапамогу. І я раблю свой унёсак, каб дапамагчы ім выратаваць жыццё або зрабіць іх жыццё прасцейшым і лепшым, а таксама палепшыць працэс іх выздараўлення.
Вось адкуль я чэрпаю сваю сілу.
Зноў жа, адзін у полі не воін. Таму людзі вакол цябе... вельмі важна мець побач патрэбных людзей, якія падтрымліваюць цябе і даюць табе сілу і энергію.
— Чаму Сціч?
— Я вельмі маленькая, і мае сябры далі мне мянушку "жахліва мілая" (violently adorable). Адзіны персанаж у свеце мультфільмаў, які “жахліва мілы”, — гэта Сціч. Вось чаму Сціч стаў часткай маёй асобы і таго, кім я ёсць.
У мяне тры татуіроўкі са Сцічам. Мабыць, гэта таксама таму, што Сціч у фільме ў рэшце рэшт дапамагае людзям і клапоціцца пра чалавецтва. Я праводжу паралелі з гэтым. Таксама я медык, таму зашываю людзей па працы — to stitch (ад англійскага слова “шво”).