У МУС агучылі падрабязнасці нападу на міліцыянта ў Мінску
Мінчук напаў з нажом на міліцыянта / прэс-служба МУС
Міністэрства ўнутраных спраў паведаміла падрабязнасці трагедыі, якая адбылася ў Фрунзенскім раёне Мінска 6 сакавіка.
Як распавядала Еўрарадыё, міліцыянты прыбылі па выкліку жанчыны, якая пасварылася з былым мужам. Мужчына напаў з нажом на міліцыянта, той адкрыў агонь на паражэнне.
Цяпер прэс-служба МУС распавядае, што мужчына загадзя падрыхтаваў кухонны нож ("што кажа пра радыкальныя намеры") і схаваў яго ў адзенні. Ён кінуўся з нажом на міліцыянта пасля патрабавання супакоіцца.
"Вартавы парадку адказаў вокамгненна, ужыў табельную зброю, абараняючы не толькі сябе, але і заяўніцу і напарніка, якія знаходзіліся побач", — кажуць у МУС.
18-гадовы малодшы сяржант міліцыі цяпер у шпіталі. Падрабязнасці пра яго стан не ўдакладняюцца.
У нападніка праз тры дні пасля здарэння знайшлі "палітычны след": "Нападнік раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за абразы прадстаўнікоў улады, у 2020 годзе актыўна ўдзельнічаў у пратэстах".
На мінчука пачалі крымінальную справу за замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў. За гэта прадугледжваецца да 25 гадоў пазбаўлення волі, або пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне.