У МНС расказалі пра вынікі навальніцы, якая прайшла ў чацвер

Залева ў Мінску

Залева ў Мінску / t.me/belta_telegramm

У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях расказалі пра ліквідацыю наступстваў навальніцы, якая прайшла па Беларусі ў чацвер. Залева суправаджалася парывамі ветру да 13 метраў за секунду. Месцамі выпаў град.  

У Гродне і Гродзенскім раёне былі пашкоджаныя дахі сямі прыватных жылых дамоў, аднаго адміністрацыйнага будынка і двух гаражоў. Вада падтапіла падвалы трох адміністрацыйных будынкаў і двух прыватных жылых дамоў. У Мінскай вобласці былі падтопленыя два прыватныя жылыя дамы ў Барысаўскім раёне, адзін – у Лагойскім раёне, адзін – у Пухавіцкім.

Ратавальнікі зафіксавалі 30 выпадкаў падзення дрэваў: 11 – у Мінскай вобласці, 19 – у Гродзенскай. Пры гэтым былі пашкоджаныя тры аўтамабілі — два ў гродне, адзін у Маладзечне.

У Мінску залева падтапіла 23 участкі дарог і дзевяць будынкаў: тры адміністрацыйныя будынкі, два падвалы шматпавярховых жылых дамоў, два прыватныя жылыя дамы, салон продажу аўтамабіляў і падземны паркінг.

У сталіцы зафіксавалі дзесяць выпадкаў падзення дрэў, у выніку якіх былі пашкоджаныя шэсць аўтамабіляў. Адзначалася затрымка грамадскага транспарту.  

Паводле аператыўнай інфармацыі, пацярпелых няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.