У Мінску рыхтуецца чарговы суд супраць п'янага кіроўцы, які ўчыніў ДТЗ

Гэтае здарэнне адбылося яшчэ 25 студзеня на скрыжаванні вуліц Ясеніна і Громава ў Мінску. Нецвярозы 30-гадовы жыхар Мінскага раёна кіраваў аўтамашынай Honda Jazz. Ён выехаў на скрыжаванне на чырвоны сігнал святлафора і сутыкнуўся з таксі Fiat Linea. У выніку Fiat выехаў за межы праезнай часткі і наехаў на бетонную клумбу. Кіроўца таксі, а таксама два яго пасажыры атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя.



Следчыя прыйшлі да высновы, што кіроўца Honda здзейсніў злачынства. Падчас следства абвінавачаны прызнаў сваю віну цалкам і раскаяўся ў зробленым, інфармуе БЕЛТА.



У сталічным упраўленні Следчага камітэта кажуць, што гэта трэцяя такая крымінальная справа, накіраваная ў суд з часу, калі адказнасць за кіраванне транспартам у нецвярозым стане стала больш жорсткай. У прыватнасці, гаворка ідзе пра здзяйсненне ДТЗ у стане алкагольнага ап'янення, пры якім загінулі або пацярпелі людзі. Па адной з такіх спраў злачынец ужо асуджаны. Яму прызначана 2,5 года пазбаўлення волі з пазбаўленнем права кіравання аўтатранспартам тэрмінам на 5 гадоў. Яшчэ па адной справе ідзе судовы працэс.



Фота — ngs.ru