У Мінску пачаўся суд над кіроўцам грузавіка, які збіў людзей каля ГЦ "Замак"

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся працэс над кіроўцам грузавіка, які ўрэзаўся ў людзей каля гандлёвага цэнтра "Замак" у сталіцы.
Трагедыя адбылася 2 снежня 2017 года. Грузавы аўтамабіль ЗІЛ урэзаўся ў пешаходаў, якія пераходзілі вуліцу на зялёнае святло. На месцы ДТЗ загінула 11-гадовая дзяўчынка, яшчэ некалькі чалавек пацярпелі.
Абвінавачаны — 56-гадовы кіроўца, якога клічуць Віталь, паведамляе sb.by. Ён заявіў, што не мае адваката ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Суддзя прапанаваў узяць перапынак для пошуку адваката, аднак мужчына папрасіў працягнуць працэс.
Пракурор зачытала абвінавачанне. Яна зрабіла акцэнт на тым, што кіроўца ехаў пры няспраўнай тармазной сістэме. Абвінавачаны згодны: ён прызнае віну і раскайваецца.