У Мінску пачаўся Марш супраць тэрору: першыя затрыманні і стрэлы ў паветра

Сілавікі на фоне Марша супраць тэрору 1 лістапада 2020 года / Еўрарадыё
Сілавікі на фоне Марша супраць тэрору 1 лістапада 2020 года / Еўрарадыё

1 лістапада ў Мінску і іншых гарадах Беларусі аб'яўлены Марш супраць тэрору. З раніцы ў сталіцу традыцыйна з'ехалася спецтэхніка — вадамёты, аўтазакі, аўтобусы і бусы з людзьмі ў чорным. Ваенныя абгарадзілі калючым дротам Стэлу, металічнымі рамкамі — цэнтральныя плошчы горада. З 12:00 знік мабільны інтэрнэт, бліжэй да 13:00 стала вядома пра закрыццё станцый метро "Акадэмія навук", "Парк Чалюскінцаў" і "Маскоўская" — менавіта ў гэтым раёне быў прызначаны старт маршу. Сёння ён рухаецца ў Курапаты.

Паводле інфармацыі СМІ, пратэстоўцы выйшлі на праспект Незалежнасці. Іх суправаджаюць бусы з сілавікамі. У некаторых з іх заўважаныя аўтаматы. Яшчэ — людзі ў спартыўнай форме з дубінкамі ў руках — напэўна, падначаленыя Карпянкова. Паведамляецца аб стрэлах ў раёне дзіцячай чыгункі: мяркуецца, людзі ў чорным страляюць ўверх, каб запалохаць пратэстоўцаў. Праўда, МУС заяўляе, што не мае інфармацыі пра стрэлы на Маршы супраць тэрору.

Людзі вялікай калонай ідуць у бок вуліцы Каліноўскага, скандуючы "Сыходзь". Перакрыжаванне Каліноўскага і праспекта перакрытае машынамі ДАІ. Заблакаваны рух у бок Усходу.

У раёне станцыі метро "Маскоўская" пачаліся першыя затрыманні. Людзі разбягаюцца па дварах. У многіх з іх дзяжураць сілавікі.

СМІ паведамляюць ад 10 тысяч дэманстрантах, якія рухаюцца ў бок Лагойскага тракту па вуліцах Валгаградскай і Кедышкі. Ёсць інфармацыя пра іншыя калоны, якія таксама ідуць у бок Курапатаў. Паведамляецца таксама пра затрыманні: сілавікі перыядычна рассякаюць калоны яшчэ на некалькі частак.