У Мінску налічылі болей за 15 тысяч “дармаедаў”
Гэтыя людзі могуць атрымаць пакаранне.
Каля 15,4 тысячы працаздольных мінчан нідзе не занятыя і хранічна не жадаюць працаўладкоўвацца. Гэтую праблему чыноўнікі Мінгарвыканкаму абмяркоўвалі на семінары па пытаннях уцягвання асобных катэгорый грамадзян у грамадска-карысную дзейнасць, інфармуе “Мінск-Навіны”.
Цяпер чыноўнікі збіраюцца інтэграваць у працоўную дзейнасць непрацоўных грамадзян, якія маюць запазычанасці за камунальныя паслугі, непрацоўных, якія стаяць на ўліку ў міліцыі і асобаў, якія афіцыйна не працуюць і вядуць нелегальную камерцыйную дзейнасць. Таксама пільную ўвагу будуць звяртаць на непрацоўных бацькоў непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Прымусяць працаваць і бамжоў.
У раёнах Мінска будуць праводзіцца рэгулярныя паседжанні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, на якіх будуць разглядаць справы “дармаедаў”.