У Мінску харчаванне школьнікаў нельга будзе аплаціць наяўнымі грашыма
У Мінску харчаванне школьнікаў нельга будзе аплаціць наяўнымі грашыма. Ад пачатку новага навучальнага года ўсе разлікі будуць адбывацца праз сістэму АРІП. Як піша партал tut.by, кожны мінскі школьнік атрымае нумар рахунку, на які бацькі і будуць пералічваць грошы за харчаванне. Такім жа чынам можна будзе плаціць за падручнікі ці за наведванне гурткоў.
Начальнік аддзела грамадскага харчавання Галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Вольга Езапянкова кажа, што яшчэ не вырашана, як будуць плаціць бацькі: за месяц ці за два тыдні наперад, ці па факце. Але найхутчэй грошы давядзецца пераводзіць наперад, бо “камбінату школьнага харчавання трэба закупляць прадукты”. У бліжэйшыя дзесяць дзён механізм мусіць быць адпрацаваны.
Пра тое, што ў сталіцы з’явіцца безнаяўная форма аплаты за харчаванне школьнікаў, стала вядома тыдзень таму. Пра запланаванае новаўвядзенне распавёў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык. Мінскія чыноўнікі спасылаюцца на тое, што па такой сістэме працуе ўвесь свет. Безнаяўная аплата, кажуць яны, забяспечвае празрыстасць. Да таго ж, аблягчаецца праца класных кіраўнікоў, якім раней даводзілася збіраць грошы.