У Магілёве прыпыненая справа па ліквідацыі праваабарончага цэнтра
17 сакавіка Магілёўскі абласны суд вынес рашэнне аб прыпыненні справы па ліквідацыі мясцовага праваабарончага цэнтра.
Яго дырэктар Уладзімір Краўчанка падаў дакументы аб рэгістрацыі новага юрыдычнага адрасу арганізацыі. Цяпер цягам месяца абласное ўпраўленне юстыцыі мусіць зарэгістраваць змены ў Статуце і адклікаць позву з суда, таму што праваабаронцы выправілі парушэнне.
Позва ў суд на ліквідацыю цэнтра была пададзеная пасля таго, як арганізацыя 5 снежня 2014 года пазбавілася арандаванага памяшкання і не магла знайсці новы юрыдычны адрас. Працяглы час цэнтру адмаўлялі розныя арандадаўцы, аднак у выніку знайсці новы офіс усё ж удалося.
“Спроба ліквідаваць МПЦ — гэта палітычная замова, — мяркуе праваабаронца, старшыня праўлення Магілёўскага праваабарончага цэнтра Барыс Бухель. — Пра гэта сведчыць і тое, што нібыта за адны і тыя ж самыя парушэнні, то бок за адсутнасць юрыдычнага адраса, які нам арганізавалі і нашай віны ў гэтым няма, першапачаткова было прыпыненне дзейнасці, а цяпер падалі позву на ліквідацыю арганізацыі. Для іх было поўнай нечаканасцю, што мы знайшлі новы юрыдычны адрас. Тым больш, я спадзяюся, што цяпер гэта такі юрыдычны адрас, дзе арандадаўцу не прымусяць адмовіць нам у прадстаўленні гэтага адраса”.
Барыс Бухель адзначае, што чарговы напад на арганізацыю супаў з блізкімі прэзідэнцкімі выбарамі. Магілёўскі праваабарончы цэнтр кожны раз арганізоўвае незалежнае назіранне за выбарамі.
“Спадзяюся, што мы выйграем гэты працэс. Хаця, я так разумею, сітуацыя дазваляла ісці напралом і задаволіць позву аб ліквідацыі цэнтра, аднак была ўзятая наша заява аб змене юрыдычнага адраса. Відавочна, што калі цяпер змену зарэгіструюць, а падставаў адмовіць тут няма, то будзе адкліканая позва”, — дадае Барыс Бухель.
Нагадаем, што Магілёўскі праваабарончы цэнтр быў зарэгістраваны ў 1998 годзе і з’яўляецца адзінай рэгіянальнай афіцыйна зарэгістраванай арганізацыяй у Беларусі.
МПЦ неаднаразова атрымліваў папярэджанні праз праблемы з юрыдычным адрасам. Увосень упраўленне юстыцыі спрабавала праз суд прыпыніць дзейнасць арганізацыі, але праваабаронцам тады ўдалося вырашыць праблему: яны заключылі дамову арэнды, якая і была неўзабаве скасаваная арандадаўцам.
Cпецыяльна для праграмы Кардыяграма