Фонд BYSOL абвясціў пра ўнутранае разбіральніцтва па справе Стрыжака

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Фонд беларускай салідарнасці BYSOL заявіў аб правядзенні з 22 ліпеня ўнутранага разбіральніцтва па сітуацыі з сузаснавальнікам фонду Андрэем Стрыжаком, якога абвінавацілі ў харасменце.

Дзеянні Стрыжака называюцца недапушчальнымі. Сам ён з 23 ліпеня адхілены ад кіруючай пасады і выканання прадстаўніцкіх функцый ад імя арганізацыі.

Пра магчымасць далейшай супрацы са Стрыжаком фонд паведаміць па выніках разбіральніцтва. Прамежкавыя вынікі разбіральніцтва абяцаюць апублікаваць на сайце арганізацыі не пазней за 1 верасня 2025 года.

"У арганізацыі дзейнічае ўнутраная антыдыскрымінацыйная палітыка, якая не прымае любыя формы дыскрымінацыі, харасменту, мобінгу ды іншыя праявы нецярпімасці і ксенафобіі з боку кіраўніцтва і каманды фонду",гаворыцца ў заяве.

Фонд адзначае, што працуе на ўмовах высокай грамадскай адказнасці і даверу: "Мы глыбока цэнім гэты давер і імкнемся захоўваць адкрытасць, празрыстасць і этычнасць ва ўсіх аспектах нашай дзейнасці". Пацярпелым фонд выказвае спачуванне і падтрымку.

BYSOL паведамляе, што кіраванне фондам ажыццяўляе дырэктарат і праца фонду працягваецца ў штатным рэжыме. "Мы эвакуюем людзей з Беларусі, аказваем прамую падтрымку пацярпелым ад рэпрэсій, палітвязням і іх сем'ям, а таксама дапамагаем ініцыятывам грамадзянскай супольнасці. Усе напрамкі дзейнасці працягваюць сваю працу без зменаў", — падкрэсліваецца ў заяве.

Тым, хто мае важную інфармацыю, якая павінна быць улічана ў працэсе разбору, прапануюць дасылаць яе на пошту [email protected].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.