Палітзняволеную Насту Лойка перавялі на паўгода ў памяшканне камернага тыпу

Наста Лойка

Наста Лойка

Палітзняволенай праваабаронцы Насце Лойка азрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання. Яе адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на паўгода, даведалася "Наша Ніва".

Насту Лойка затрымалі 28 кастрычніка 2022-га. Яе асудзілі да сямі гадоў зняволення паводле артыкула 130 КК ("распальванне варажнечы").

Увосень 2024 года яе адвезлі з калоніі ў Мінск для ўдзелу ў судзе ў якасці сведкі. Палітзняволеных часам вывозяць даваць паказанні супраць новых палітвязняў. Адмовіцца прысутнічаць на судзе нельга, але паказанні залежаць ад самога чалавека.

Калі Насту пасля гэтага суда вярнулі ў калонію, то яе перавялі ў іншы атрад і зарэгістравалі шэраг "парушэнняў", праз што яна і трапіла ў ПКТ.

Зняволенага ў ПКТ ізалююць ад астатніх людзей. На свежае паветра з ПКТ выводзяць толькі на прагулку. Умовы там лепшыя, чым у ШІЗА: у зняволенага хаця б ёсць падушка і коўдра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.