У Магілёве муляр згодны працаваць бясплатна, абы не быць дармаедам
Аляксей Паўлоўскі ўжо не першы год з’яўляецца беспрацоўным. Яго адмаўляюцца браць на працу ўсе будаўнічыя арганізацыі горада.
Магілёўскі муляр Аляксей Паўлоўскі згодны працаваць бясплатна, абы не плаціць падатак за дармаедства. Ліст з просьбай працаўладкаваць яго на такіх умовах ён накіраваў на адрас Будаўнічага трэста №12.
Паўлоўскі кажа, што мае вялікі досвед выканання будаўнічых работ без парушэння іх тэхналогіі і бяспекі працы. Гэтым досведам ён згодны падзяліцца пры арганізацыі будаўнічых работ.
Муляр 5-га разрада адзначае, што да такога звароту яго падштурхнулі дзьве абставіны — высокая траўматычнасць пры будаўніцтве ў трэсце №12, а таксама нежаданне плаціць падатак на дармаедаў.
Аляксей Паўлоўскі ўжо не першы год з’яўляецца беспрацоўным. Яго адмаўляюцца браць на працу ўсе будаўнічыя арганізацыі горада. За год ад цэнтра занятасці насельніцтва ён атрымлівае дзясяткі накіраванняў на працаўладкаванне, але калі з’яўляецца ў будаўнічыя арганізацыі, то яму тлумачаць, што ў яго паслугах не маюць патрэбы, або што вакансій муляраў больш няма.