У Магілёўскім драмтэатры адмянілі чатыры пастаноўкі — даведаліся чаму
Магілёўскі абласны драматычны тэатр / belarus.travel
У Магілёўскім абласным драмтэатры ў наступныя дні адменяцца чатыры спектаклі, звярнула ўвагу выданне mogilev.in.
П’есы "Жаніцьба. Фантасмагорыя", "Маленькія трагедыі", “Усе мышы любяць сыр” і “Круцельствы Скапэна” заменяць на іншыя пастаноўкі з рэпертуару ўстановы: “Іван Царэвіч і Шэры Воўк” (18+), “Іншапланецянка”, “Інструкцыя для ахвочых ажаніцца”.
Еўрарадыё патэлефанавала ў касу Магілёўскага тэатра, і там пацвердзілі, што пастаноўкі "сапраўды адмяняюць з прычыны хваробы галоўнага актора".
Гаворка, магчыма, ідзе пра Аляксандра Куляшова, які задзейнічаны ва ўсіх чатырох адмененых п’есах. Сам Куляшоў чатыры гадзіны таму быў анлайн ва “Укантакце”.
Некалькі год таму ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры здараліся выпадкі звальнення супрацоўнікаў, звязаныя з іх грамадзянскай пазіцыяй.
У лістападзе 2020 года датэрмінова быў скасаваны працоўны дагавор з дырэктарам тэатра Андрэем Новікавым, які кіраваў установай на працягу 20 гадоў. Паводле слоў супрацоўнікаў, прычынай звальнення стала яго нежаданне скарачаць акцёраў за іх палітычныя погляды.
А ў снежні 2021 года працу страціў загадчык музычнай часткі тэатра Аляксандр Баль. СМІ паведамлялі, што яму “настойліва параілі” звольніцца праз яго грамадзянскую пазіцыю.