На Глыбоччыне знайшлі абраз, які рэстаўраваў Язэп Драздовіч

Абраз, над якім працаваў Язэп Драздовіч

Абраз, над якім працаваў Язэп Драздовіч / фота з акаўнта Змітра Моніча на Фэйсбуку

Яшчэ адну працу Язэпа Драздовіча выпадкова выявілі на Глыбоччыне. У касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай у вёсцы Задарожжа адшукалі абраз, над рэстаўрацыяй якога працаваў славуты мастак. Раней было невядома, што Драздовіч займаўся і рэстаўрацыяй сакральнага жывапісу.

На абраз "Святы Францішак і Хрыстос" летась падчас пілігрымкі Росіца — Будслаў звярнуў увагу Зміцер Моніч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея. Яму падаўся знаёмым стыль выканання. Увагу даследчыка прыцягнулі характэрны высокі лоб Ісуса і нетыповы для кананічнай іканаграфіі колер шатаў на плашчы Хрыста — салатава-зялёны. Гэта ўлюбёны колер Драздовіча.

Калі абраз знялі для дэталёвага вывучэння, у правым ніжнім куце выявілі надпіс, які пацвердзіў здагадку: "pro Restaŭracija J D. u 1925 h." Ініцыялы J. D. сведчаць пра Язэпа Драздовіча (беларускай лацінкай: Jazep Drazdovič). А на выяве пярсцёнка святога Францішка адкрыўся надпіс чорнай фарбай: "Абраз перамалёван 1925 г."

Як адзначае даследчык, акурат у 1825 годзе Драздовіч працаваў настаўнікам малявання ў Глыбокім, недалёка ад Задарожжа. Пробашчам касцёла ў тыя гады быў актыўны прыхільнік беларушчыны ксёндз Францішак Рамейка.

Для рэстаўрацыі і даследавання абраз перавезлі ў Мінск. Рэнтгенаграма паказала, што пад слоем 1925 года хаваецца больш старажытны і прафесійны жывапіс, верагодна, XVIII стагоддзя. Рэстаўратары вырашылі пакінуць слой 1925 года, а не адкрываць жывапіс XVIII стагоддзя. Пры гэтым кіраваліся некалькімі матывамі. Па-першае, Драздовіч наносіў фарбы без прамежкавага грунту, што рабіла расслаенне тэхнічна рызыкоўным. Па-другое, праца Драздовіча сама па сабе мае вялікую мемарыяльную і гістарычную каштоўнасць для беларускай культуры.

На Глыбоччыне знайшлі абраз, які рэстаўраваў Язэп Драздовіч
Абраз, над якім працаваў Язэп Драздовіч / фота з акаўнта Змітра Моніча на Фэйсбуку
На Глыбоччыне знайшлі абраз, які рэстаўраваў Язэп Драздовіч
Абраз да рэстаўрацыі / фота з акаўнта Змітра Моніча на Фэйсбуку
На Глыбоччыне знайшлі абраз, які рэстаўраваў Язэп Драздовіч
Подпіс Язэпа Драздовіча / фота з акаўнта Змітра Моніча на Фэйсбуку

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.