У Літве затрымалі чатырох падазраваных па справе атакі метэазондаў
Метэазонд з кантрабандай, ілюстрацыйнае фот / VSAT
У Літве ў сувязі з масавым уварваннем метэазондаў з цыгарэтамі з Беларусі затрымалі чатырох чалавек. Пра гэта паведаміла генеральны пракурор краіны Ніда Грунскене, перадае lrt.lt. Іх узялі пад варту на два месяцы.
Таксама Грунскене расказала, што сёлета па фактах кантрабанды цыгарэт пры дапамозе аэрастатаў пачалі 21 дасудовае расследаванне, выявілі 50 падазраваных.
Агулам за дзевяць месяцаў 2025-га літоўскі бок зафіксаваў больш за 500 выпадкаў перавозкі кантрабандных цыгарэт метэазондамі. Расследаванні фактаў кантрабанды аб’ядноўваюцца, але калі ўдаецца выявіць падазраванага, такі эпізод вылучаецца ў асобную вытворчасць, удакладніла генпракурор.
Ужо 16 такіх спраў перададзеныя ў суд (12 разгледжаны, чатыры знаходзяцца на разглядзе). Вінаватымі прызнаныя 18 чалавек, агульная сума накладзеных штрафаў перавышае 111 тысяч еўра. Некалькі чалавек былі асуджаныя да пазбаўлення волі на адзін год і пяць месяцаў.
Таксама Грунскене паведаміла, што за дзевяць месяцаў года было выяўлена больш за 730 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэтаў. Агульны кошт цыгарэтнай кантрабанды складае 3,553 млн еўра.
На мінулым тыдні аэрапорты Вільні і Коўна чатыры разы перапынялі працу ў сувязі з масавым прылётам метэазондаў з Беларусі. У выніку Літва закрыла мяжу з Беларуссю на нявызначаны тэрмін. Атакі метэазондаў у Літве называюць формай гібрыднай вайны, якую вядзе рэжым Лукашэнкі.
Генпракурор сказала, што ў Крымінальным кодэксе Літвы тэрміну "гібрыдная вайна" няма, але гэта не азначае, што праваахоўнікі не збіраюць доказы. Яна падкрэсліла, што цяпер у Літве правяраюць розныя версіі, каб выявіць, ці з'яўляецца ўвоз кантрабанды ў Літву "арганізаванай дзейнасцю".