У Літве не бачаць магчымасці для перамоваў з Беларуссю аб мігрантах
Кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ / lrt.lt
У Літве не бачыць магчымасці для перамоваў з Беларуссю аб урэгуляванні міграцыйнага крызісу. Пра гэта заявіла ў вячэрнім эфіры нацыянальнага тэлебачання LRT міністр унутраных спраў Рэспублікі Агне Білатайтэ.
"Не ўяўляю сабе, як можна весці нейкія перамовы, палітычныя перамовы з крымінальнымі злачынцамі", — сказала яна.
З Мінскам у цяперашні час магчымыя толькі тэхнічныя кансультацыі ў рамках вырашэння гуманітарнага крызісу. Яна падкрэсліла, што віна за міграцыйны крызіс ляжыць на Аляксандры Лукашэнку. І ён павінен "адказаць за гуманітарны крызіс, за тое, што людзі пакутуюць".
Білатайтэ таксама распавяла, што ў цяперашні час на беларускім баку ля літоўскай мяжы знаходзяцца каля 2 тысяч мігрантаў з краін Азіі і Афрыкі. Паводле яе ацэнкі, "сітуацыя на мяжы стабільная, але напружанасць захоўваецца". І ў Вільні не выключаюць самыя розныя варыянты развіцця падзей — "гатовыя да любых сцэнароў, якія могуць адбыцца, ведаючы непрадказальнасць Лукашэнкі".
З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. З аналагічнай праблемай сутыкнулася і Польшча. Сітуацыя на гэтым участку мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада — некалькі тысяч чалавек падышлі да мяжы і разбілі тут лагер. Праз тыдзень, 16 лістапада, яны паспрабавалі сілай прарвацца ў Польшчу, ламалі загароду з калючага дроту і кідалі камяні ў польскіх сілавікоў. Іх стрымалі вадамётамі. У ЕС лічаць, што гэтая сітуацыя створана рэжымам Лукашэнкі. З ім двойчы за апошні час размаўляла канцлер Германіі Ангела Меркель. Але ніякіх дамоўленасцяў аб гуманітарным карыдоры для мігрантаў дасягнута не было, абвяргалі пазней заявы беларускіх уладаў нямецкія чыноўнікі.