У Кітаі новыя выпадкі заражэння каранавірусам звяліся да нуля
Медыкі з Уханя развітваюцца з калегамі з Цзянсу, якія дапамагалі ім у бітве з каранавірусам у правінцыі Хубэй, 19 сакавіка 2020 года / Reuters
У Кітаі за апошнія суткі не было выяўлена ні аднаго новага выпадку заражэння каранавірусам, паведамляе "Новая газета" са спасылкай на Нацыянальную камісію па ахове здароўя КНР.
Зараз кітайскія дактары фіксуюць захворванне толькі ў тых пацыентаў, якія прывезлі інфекцыю з-за мяжы. Такіх па ўсёй краіне ўсяго 34 чалавекі. Са снежня ў Кітаі каранавірусам заразіліся 80 928 чалавек, ахвярамі раней невядомай хваробы сталі 3245 жыхароў гэтай краіны.
На сённяшні дзень эпіцэнтр пандэміі перамясціўся ў краіны Еўропы, дзе штодня дактары рэгіструюць сотні новых выпадкаў заражэння. Эпідэміяй ахоплены 160 краін свету, усяго заражана больш за 200 тысяч чалавек, памерла 8 тысяч. Асабліва ад COVID-19 пакутуе Італія, дзе за апошнія суткі ад раней невядомай хваробы памерлі 475 чалавек.
Па звестках на 08:00 18 сакавіка, каранавірус у Беларусі выяўлены ў 51 пацыента. Пяцёра з іх вылечыліся і выпісаныя з бальніц. 9 маюць клінічныя прыкметы інфекцыі COVID-19, яшчэ 37 пацыентаў, з дадатнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы, знаходзяцца на кантролі ў медыкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.