У Калінкавічах міліцыя абураецца паводзінамі тых, хто вярнуўся з працы ў Расіі

Мерапрыемства ў міліцыі ў Калінкавічах / knews.by
У Калінкавічах у Гомельскай вобласці міліцыя абураецца паводзінамі тых, хто вярнуўся з працы ў Расіі. У прыватнасці, раней асуджаных па адміністрацыйных артыкулах. Усе яны ў Беларусі "займаюцца тым, што п'янствуюць і хуліганяць". Пра гэта было заяўлена на пасяджэнні "раённай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва". Яно прайшло ў мясцовым аддзеле ўнутраных спраў. Кіраваў мерапрыемствам старшыня раённага савета дэпутатаў Юрый Красюк.
Прысутным беспрацоўным было аб'яўлена, што ў базе даных ёсць больш за тысячу вакансій. Але нават тых, што стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, прымусіць працаўладкавацца не могуць. Адзін з мужчын паабяцаў пайсці на працу вясной, цікавіўся заробкамі і ўмовамі. "Не ў вашым становішчы дыктаваць ўмовы!", — заявіў прысутны начальнік раённага аддзела міліцыі Дзмітрый Валяк.
На пасяджэннях такіх жа камісій у іншых раёнах Гомельскай вобласці таксама высвятляецца, што шмат мясцовых жыхароў ездзяць на працу ў РФ (у Лельчыцкім раёне — да паловы апытаных).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.