У Грузіі за адзін дзень асудзілі трох лідараў апазіцыі

Мамука Хазарадзэ

Мамука Хазарадзэ / svaboda.org

У Грузіі 23 чэрвеня турэмнае зняволенне прысудзілі адразу тром лідарам апазіцыі. Як піша JAM news, гаворка ідзе пра Мамуку Хазарадзэ, Бадры Джапарыдзэ з "Лела" — "Моцная Грузія", а таксама Зураба Гірчы Джапарыдзэ ("Кааліцыя за перамены").

Зураб Джапарыдзэ ўжо перад гэтым адбываў папярэдняе двухмесячнае зняволенне, а Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ затрымалі 23 чэрвеня ў Тбілісі ў офісе партыі. Пры арышце прысутнічалі прыхільнікі арыштаваных палітыкаў, прадстаўнікі іншых апазыцыйных сіл, а таксама пятая прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі.

Бадры Джапарыдзэ і Мамуку Хазарадзэ прысудзілі па восем месяцаў арышту, Зурабу Джапарыдзэ — сем месяцаў.

Арыштаваных апазіцыянераў вінавацяць у няяўцы на пасяджэнне следчай камісіі, якую ўзначальвае былы міністр юстыцыі Тэі Цулукіяні. Камісія займаецца расследаваннем дзеянняў папярэдняга ўрада. Хазарадзэ і Бадры Джапарыдзэ выклікалі на яе пасяджэнне для разгляду справы аб ціску на бізнес.

Таксама бліжэйшымі днямі чакаюцца прысуды іншым апазіцыйным лідарам за няяўку на пасяджэнне камісіі. У іх ліку — былы прэм'ер-міністр Гіоргій Гахарыя.

У выніку прысудаў амаль усе асноўныя апазіцыйныя партыі Грузіі засталіся без лідараў мінімум да канца года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.