Беларускага актывіста не пусцілі ў Грузію
Зміцер Грынкевіч / facebook.com/amialeshka
Грузія не ўпусціла беларускага актывіста і блогера Змітра Грынкевіча. Пра гэта ў сацсетках піша журналіст Андрэй Мялешка, які трапіў у аналагічную сітуацыю ў верасні 2024-га.
Грынкевіч апошнім часам жыў у Батумі. Ён выязджаў з Грузіі ў Арменію, каб зрабіць візаран — кароткатэрміновы выезд з краіны для абнаўлення тэрміну бязвізавага знаходжання. На зваротным шляху беларуса на паўтары гадзіны затрымалі на мяжы, а потым не пусцілі без тлумачэння прычыны.
У каментары "Медыязоне" Мялешка расказаў, што Грынкевіч — блогер і актывіст беларускай дыяспары ў Батумі. У Грузіі яны разам займаліся у тым ліку продажам тавараў з беларускай і ўкраінскай сімволікай.
Рашэнне аб забароне ўезду можна абскардзіць на працягу дзесяці дзён.