У Гомелі завялі крымінальную справу за высокія гандлёвыя надбаўкі на гародніну
Капусту і бульбу перапрадавалі з нацэнкай у 300% / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Гомелі завялі крымінальную справу за высокія гандлёвыя надбаўкі на гародніну. Пра гэта паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантролю. Справа распачатая "ў дачыненні да пасярэдніка, які перапрадаваў плодаагароднінную прадукцыю бюджэтным арганізацыям з аптовымі надбаўкамі да 300 працэнтаў", гаворыцца ў паведамленні ўстановы.
Пасярэднік, да прыкладу, купляў капусту па 15 капеек за кілаграм, а потым прадаваў яе дому-інтэрнату па 70 капеек за 1 кілаграм. Бульбу ў вытворцы кампанія купляла за 33 капейкі за 1 кілаграм, а прадавала дзяржустанове за 1 рубель 36 капеек.
Фігурантам справы стаў былы кіраўнік адной з прыватных кампаній. Следства лічыць, што мела месца перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Шкоду дзяржаве ацанілі ў 75 тысяч рублёў.
На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з урадам інфляцыю і абураўся ростам цэн на айчынную прадукцыю. Згадваў ён і пасярэднікаў, якія прадаюць бюджэтным арганізацыям гародніну "з нацэнкай пад 300%". У той дзень Лукашэнка запатрабаваў замарозіць цэны, але праз некалькі дзён сказаў, што гэта часовая мера, пакуль не будзе выпрацаваная "сістэма кантролю за цэнаўтварэннем".