У Бярозаўскім раёне "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці" стала ўдвая больш

Перад "выбарамі" ў Бярозе папярэдзілі раней асуджаных за "экстрэмізм" / bereza.by
У Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці" стала ўдвая больш. Пра гэта паведаміў раённы пракурор Аляксандр Круцько. Паводле яго слоў, у 2023 годзе "злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці" было 15, у 2024 годзе іх зафіксавалі ўжо 36.
Пра прычыну такога росту пракурор разважаць не стаў. Паводле яго слоў, у раёне па выніках мінулага года "ўзровень злачыннасці значна знізіўся". І толькі "экстрэмізм" сапсаваў статыстыку. Відаць, немалыя сілы мясцовай міліцыі ў 2024-м былі кінутыя менавіта на яго выяўленне.
Летась у Бярозе некалькі разоў адбываліся "хапуны", затрымлівалі дзясяткі чалавек. За ўдзел у пратэстах 2020-га ў жніўні-верасні асудзілі на пазбаўленне волі ў калоніі 8 пратэстоўцаў. У канцы года пад суд трапіў нават галоўны ідэолаг мясцовага прадпрыемства. На вакзале ў Бярозе за пратэсты 2020-га затрымлівалі найлепшага футбаліста Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.