У Бярозе за ўдзел у пратэстах у калонію адправілі яшчэ чатырох чалавек
Суд Бярозаўскага раёна / bereza.by
У судзе Бярозаўскага раёна днямі агучылі другі за апошні час прысуд над удзельнікамі пратэстаў 2020 года. Яшчэ чатырох чалавек адправілі ў калонію. Іх імёны: Мікалай Кулак, Ігар Яўменаў, Андрэй Рыбакоў, Віктар Данілюк. Мужчын асудзілі на паўтара году калоніі кожнага, паведамляюць праваабаронцы.
Нагадаем, што ў канцы жніўня ў Бярозе асудзілі першых чатырох чалавек. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года. Паводле версіі абвінавачвання, мужчыны "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, перашкаджалі руху транспартных сродкаў". Тады ўсім чацвярым таксама прысудзілі калонію.
Усяго ж у сакавіку 2024 года, калі сілавікі зладзілі рэйд у Бярозе, паведамлялася аб затрыманні каля дзесяці чалавек.