У Буда-Кашалёве майстра абвінавачваюць у гібелі рабочага
Мяркуецца, што ён парушыў правілы аховы працы.
Майстра ўчастка каналізацыі водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі прадпрыемства "Буда-Кашалёўскі камунальнік" абвінавачваюць у парушэнні правілаў аховы працы, што прывяло да гібелі рабочага. Здарэнне адбылося 1 жніўня сёлета. Падчас работ па ачыстцы каналізацыі майстар дазволіў працаваць слесарам, якія былі ў стане алкагольнага ап'янення. Адзін з іх спусціўся ў каналізацыйны калодзеж без супрацьгазу і ахоўнага пояса.
У калодзежы, у якім быў, верагодна, павышаны ўзровень загазаванасці, мужчыне стала кепска і ён не змог самастойна падняцца на паверхню. Для аказання дапамогі туды спусціліся яшчэ двое слесараў, таксама без сродкаў індывідуальнай абароны. Ім таксама стала кепска. Мужчын з калодзежу дасталі супрацоўнікі МНС. Адзін з рабочых, 50-гадовы мужчына, памёр. Эксперты прыйшлі да высновы, што прычынай смерці стала ўтапленне ў каналізацыйных водах.
Як інфармуе БЕЛТА, майстра абвінавачваюць у "парушэнні правілаў тэхнікі бяспекі і іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананне, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека". Крымінальную справу неўзабаве могуць перадаць у суд.