У Брэсце затрымалі верагоднага выкрадальніка аўтамабільных нумароў (фота)
Мужчына падазраецца ў серыі крадзяжоў у ноч з 8 на 9 кастрычніка.
Як паведамляе прэс-служба абласной міліцыі, цягам ночы ў мікрараёне Паўднёвы адбыліся 7 крадзяжоў нумароў ад аўтамабіляў. Аператыўнікам удалося ў той жа дзень затрымаць падазраванага — 24-гадовага беспрацоўнага брэстаўчаніна.
Падчас ператрусу па месцы жыхарства ў яго знайшлі 7 пар рэгістрацыйных знакаў, выкрадзеных той ноччу, а таксама яшчэ дзве пары нумароў, пра знікненне якіх жыхары раёна заяўлялі раней. Калі віна мужчыны будзе даказаная, яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Правахоўнікі адзначаюць, што крадзеж аўтамабільных нумароў у апошні час стаў частай з'явай. Сёлета ў органы ўнутраных спраў вобласці звярнуліся 542 аўтаўладальніка. Часцей за ўсё скрадзеныя беларускія рэгістрацыйныя знакі выяўляюцца на тэрыторыі Расіі.
