У Берліне эвакуююць 10 тысяч чалавек — знайшлі бомбу часоў Другой сусветнай
У Берліне зачынілі галоўны чыгуначны вакзал, эвакуявалі 10 тысяч жыхароў і некалькі міністэрстваў. Як перадае "Нямецкая хваля", каля вакзалу знайшлі 500-кілаграмовую бомбу часоў Другой сусветнай вайны, якая так і не разарвалася.
Галоўны чыгуначны вакзал Берліна штодня прапускае каля 300 тысяч наведвальнікаў і пасажыраў. Усім ім прапаноўваюць часова скарыстацца іншымі вакзаламі.
Улады таксама запланавалі эвакуацыю прыкладна 10 тысяч мясцовых жыхароў, якія пражываюць у радыўсе 800 метраў ад месца знаходкі бомбы. Эвакуацыя закране і некалькі міністэрстваў, размешчаных непадалёк — міністэрства эканомікі, Федэральную разведвальную службу Германіі, а таксама часткова міністэрства транспарту.