У Беларусі штодня фіксуюць больш за дзевяць выпадкаў затрыманняў і рэпрэсій

З пачатку 2025 года праваабаронцы зафіксавалі каля 1700 палітычных затрыманняў / Euroradio
За чэрвень 2025 года “Вясна” зафіксавала 67 выпадкаў затрыманняў і іншых відаў палітычных рэпрэсій у Беларусі. З пачатку года зарэгістравана каля 1700 затрыманняў і іншых формаў крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій.
Усяго праваабаронцам вядома пра больш як 7116 асуджаных (у тым ліку 33 чалавекі, накіраваныя на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года.
Нягледзячы на тое, што з калоній вызваляюцца палітвязні ў сувязі з адбыццём тэрміну або ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец чэрвеня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1164 палітвязні (з іх 169 — жанчыны).
За чэрвень 2025 года палітвязнямі былі прызнаныя 29 чалавек. Усяго з мая 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 3945 асоб.
2807 чалавек, з якіх 578 — жанчыны, ужо на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са змяненнем меры стрымання.
Праваабаронцы адзначаюць, што рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі значна большы. Збор інфармацыі істотна ўскладнены з-за больш жорсткай палітыкі ўладаў з пачатку года, накіраванай на максімальнае ўтойванне фактаў пераследу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.