У Беларусі пачынаецца першы суд над памерлым чалавекам
Вярхоўны суд Беларусі / Еўрарадыё
У Вярхоўным судзе Беларусі 8 лютага пачынаецца першы працэс над памерлым чалавекам. Уладзіміра Катрука абвінавачваюць "ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 127 КК Рэспублікі Беларусь (генацыд)",– гаворыцца ў паведамленні прэс-службы суда.
Нагадаем, магчымасць весці крымінальнае расследаванне ў дачыненні да памерлых людзей і судзіць іх з'явілася ў Беларусі летась – пасля ўнясення адпаведных паправак у Крымінальна-працэсуальны кодэкс.
Уладзімір Катрук нарадзіўся ва Украіне. Падчас Другой сусветнай вайны ён служыў у 118-м батальёне шуцманшафта і, паводле дакументаў КДБ СССР, удзельнічаў у карнай аперацыі ў Хатыні. Пасля Другой сусветнай вайны ён перабраўся ў Канаду. Памёр ад інсульту ў маі 2015 года. Незадоўга да яго смерці Расія прасіла выдаць Катрука для суда. Але на фоне анэксіі Крыма канадскі ўрад праігнараваў гэтую просьбу.