У Беларусь прывезлі расіян, абмененых на палонных украінцаў
Расійскія палонныя / тг-канал амбудсмена Расіі
У панядзелак, 30 снежня, Украіна і Расія абмяняліся палоннымі.
Як піша тг-канал расійскага Мінабароны, абмен адбываўся паводле формулы "150 на 150". Разам з тым, тг-канал Уладзіміра Зяленскага заяўляе пра вяртанне на радзіму 189 украінцаў. Паводле яго, гэта абаронцы "Азоўсталі" і Марыупаля, Чарнобыльскай АЭС, вострава Змяінага і байцы з розных напрамкаў фронту. Акрамя таго, дадому вяртаюцца два цывільныя, захопленыя ў Марыупалі.
Расійскіх палонных пасля абмену прывезлі ў Беларусь.
"У цяперашні час усе расійскія вайскоўцы знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дзе ім аказваецца неабходная псіхалагічная і медыцынская дапамога, а таксама прадастаўлена магчымасць звязацца са сваякамі", — паведамляецца ў тг-канале Мінабароны Расіі. Неўзабаве іх даставяць у РФ для лячэння і рэабілітацыі.