У Барысаве два наркаманы друкавалі грошы на прынтары
Абодвух парушальнікаў закону затрымалі.
У Барысаве выявілі купюры ў 200 тысяч рублёў, надрукаваныя на прынтары. Як паведамляе сайт мінскай абласной міліцыі, вядома пра два выпадкі.
Так, некалькі дзён таму кандуктары аўтобуснага парка №3 ў Барысаве здавалі выручку і выявілі падробленую купюру ў 200 тысяч. Аператыўнікі высветлілі, што яе за праезд у аўтобусе даў невядомы мужчына. Праз два дні такая ж гісторыя адбылася на іншым маршруце.
Следчым удалося выявіць, што падробленыя купюры на каляровым прынтары выдрукавалі непрацуючыя барысаўчане. Аднаму з іх 27 гадоў, другому — 37. Падчас ператрусаў ў іх знайшлі яшчэ адну падробленую купюру ў 200 тысяч рублёў, а таксама камп'ютар і прынтар, на якіх друкаваліся фальшыўкі.
Мужчыны прызналіся ў вырабе і збыце падробленых грошай. Дарэчы, абодва яны з'яўляюцца нарказалежнымі. Міліцыянты лічаць, што такім чынам барысаўчане разменьвалі грошы, каб купіць наркатычныя рэчывы.