У Бабруйску страйкуюць маршрутчыкі

У Бабруйску страйкуюць кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак. Яны адмаўляюцца выяжджаць на лінію. Больш за два дзясяткі мікрааўтобусаў стаяць на пляцоўцы непадалёк ад аўтавакзала, паведамляе Радыё "Свабода".
Маршрутчыкі пратэстуюць супраць абноўленага закону "Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках", які набыў моц 23 лютага. Страйкоўцы кажуць, што рух маршрутак у Магілёў і Мінск блакаваны, толькі адна прыватная кампанія нелегальна перавозіць пасажыраў.
Маршрутчыкі адзначаюць, што збіраліся пратэставаць ад панядзелка, але пашкадавалі пасажыраў. Па іх словах, першы дзень тыдня быў самы загружаны і пратэст быў бы больш дзейсным.
На бабруйскім аўтавакзале запэўніваюць, што сітуацыя з перавозкамі пасажыраў пад кантролем, панікі няма. У Магілёў, па словах дыспетчара, пусцілі дадатковыя маршруты.