У аварыі ў Жыткавіцкім раёне загінулі расіянка і двое ўкраінцаў
На аўтадарозе Жыткавічы — Давід-Гарадок — мяжа Украіны сутыкнуліся фура і мікрааўтобус з людзьмі.
У жахлівай аўтааварыі ў Жыткавіцкім раёне, якая адбылася раніцай 30 снежня, загінулі трое чалавек — расіянка і двое ўкраінцаў. Як паведамляе БЕЛТА, у Mercedes-Benz Sprinter знаходзіліся 12 грамадзян Украіны і грамадзянка Расіі — жыхарка Масквы. Яны ехалі з Расіі на Заходнюю Украіну з заробкаў на калядныя святы. У выніку сутыкнення з фурай загінуў кіроўца мікрааўтобуса, пасажырка, якая сядзела на пярэднім сядзенні, і мужчына-пасажыр.
Дзесяць чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Іх шпіталізавалі. Двое пацярпелых знаходзяцца ў рэанімацыі Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле "Парушэнне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух ці болей асобаў".
Як паведамляла Еўрарадыё, фура рухалася па дарозе Жыткавічы — Давыд-Гарадок — мяжа Украіны. Пад'язджаючы да Жыткавічаў, пры павароце налева кіроўца не саступіў шлях сустрэчнаму аўтамабілю Mercedes-Benz Sprinter. Пасля гэтага і адбылося сутыкненне.



Фота — onliner.ru