У аўтааварыі ў Лунінецкім раёне пацярпелі тры чалавекі

Лабавое сутыкненне двух аўтамабіляў адбылося раніцай 23 чэрвеня на аўтадарозе Міжлессе — Чырвоная Воля — Дворац у Лунінецкім раёне. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ДАІ Брэсцкай вобласці, на закругленні дарогі каля вёскі Чырвоная Воля 28-гадовая жанчына-кіроўца “Аўдзі А6” выбрала небяспечную хуткасць руху, не справілася з кіраваннем і выскачыла на сустрэчную паласу. Там яе машына сутыкнулася з “Фольксваген-Пасат”.

У выніку здарэння кіроўца “Фольксвагена” атрымаў палітраўму, а яго 55-гадовая пасажырка — пералом костак таза. У кіроўцы “Аўдзі” — закрытая чэрапна-мазгавая траўма.

Усе пацярпелыя з’яўляюцца жыхарамі Лунінца. Яны трапілі ў раённую лякарню. Па факце дарожнага здарэння праводзіцца праверка.