У аэрапорце ў жарт пра траціл у сумцы паверылі, а ці ёсць ён там ― не праверылі

У аэрапорце ў жарт пра траціл у сумцы паверылі, а ці ёсць ён там ― не праверылі

У Мінску судзяць грамадзянку Расіі Марыю Рымар за “лжывае паведамленне пра небяспеку”. Прасцей кажучы, грамадзянка Расіі, праходзячы дагляд у аэрапорце Мінск-2 7 ліпеня 2016 года нібыта заявіла, што ў яе рэчах ёсць траціл. Як вынік: Марыю Рымар затрымліваюць, амаль суткі яна праводзіць у міліцэйскім пастарунку, з 8 па 18 ліпеня – у СІЗА, пасля яе вызваляюць пад залог. І вось ― суд.

Да пачатку судовага пасяджэння Марыя Рымар заяўляе: віну не прызнае цалкам.

Што ж на самой справе здарылася ў мінскім аэрапорце 7 ліпеня падчас рэгістрацыі пасажыраў рэйсу Мінск-Масква? Адвакат Наталля Мацкевіч просіць суддзю перад пачаткам допыту сведак прагледзець відэазапіс падзей таго дня. Суддзя пагаджаецца, ставіць на свой стол ноўтбук і… запрашае журналістаў падысці бліжэй.

…Марыя Рымар прыходзіць у зал дагляду,  выкладае ўсе рэчы, праходзіць праз рамку металашукальніка. Той маўчыць. У бок пасажыркі для правядзення “кантактнага дагляду” (гэта калі цябе абмацвае супрацоўнік службы кантролю рукамі) робіць рух інспектар Таццяна Марус, але расіянка ад яе ледзь не адскоквае са словамі:

“Не трэба мяне лапаць! Тут (паказвае на рамку металашукальніка) нічога не паказвае!”

“Не ўсе выбуховыя рэчывы звіняць: траціл не звініць, пластыд не звініць”, -- адказвае на гэта супрацоўніца аэрапорта.

“Увесь траціл там”, ― паказвае Рымар рукой на свае нешматлікія рэчы, якія ў гэты час праходзяць кантроль побач, на “тэлевізары”.

“Што вы толькі што заявілі?” ― імгненна рэагуе Таццяна Марус.

І пачынаецца: Рымар спрабуе патлумачыць, што яна ў холе аэрапорта бачыла відэарэкламу, у адпаведнасці з якой: “рамка не зазвінела – забірай рэчы і ідзі на пасадку без аніякага лапання”. Інспектар Марус яе перапыняе і вяртае да сказаных пасажыркай слоў наконт траціла. Падыходзіць міліцыянер, з’яўляюцца супрацоўнікі аэрапорта, прадстаўнік “Аэрафлота”, дзверы ў сектар дагляду зачыняюць, дагляд перапыняюць…

“Што ў такіх выпадках верагоднай пагрозы вы павінны рабіць?” ― цікавіцца ў інспектара адвакат.

“Дагляд асабістых рэчаў перапыняецца і пасажыру перакрываецца магчымасць доступу да іх”, ― адказвае тая.

Але што цікава, і гэта я добра бачыў сам падчас прагляду відэазапісу, доступ Рымар да яе рэчаў ніхто не “перакрываў”: яна спакойна бярэ з заплечніка спачатку тэлефон, потым асадку і нататнік. І ўвогуле, распачаўшы разборкі на тэму “што вы сказалі” ды “навошта вы гэта казалі” ўсіх навакольных перастае цікавіць ― ёсць на самой справе ў рэчах пасажыркі ці на ёй самой траціл ці няма? Рэчы ніхто паглыблена не даглядае, яе саму ― таксама. Потым з тым заплечнікам, у якім нібыта і знаходзіцца той траціл, што так напалохаў інспектара службы дагляду, Рымар выводзяць у хол аэрапорта, вязуць у пастарунак…

Па тлумачэнні Марыі Рымар, яна, нібыта, вельмі не любіць дотыкаў незнаёмых людзей да натоўпу. І вельмі спадзявалася, што, прайшоўшы першай на кантроль ды выклаўшы ўсе рэчы, што могуць зазвінець у рамцы металашукальніка, яна гэтага пазбегне. Менавіта таму, кажа, вельмі абурылася намеру інспектара ўсё адно “яе аблапаць”, разгубілася і “ляпнула” такое вось пра траціл. Але мела, па яе словах, на ўвазе толькі тое, што на ёй можа быць такі ж траціл, як і ў яе рэчах, што ўжо прайшлі дагляд на “тэлевізары”.

Як высвятляецца, і інспектар сказала адно ― што траціл не звініць, але мела на ўвазе іншае: паводле ўнутранай інструкцыі аэрапорта ўсе 100% пасажыраў мусяць прайсці “кантактны дагляд” і што Рымар яго таксама не ўдасца пазбегнуць”…

Так вось сітуацыя ў аэрапорце, калі “сказала адно, але мела на ўвазе другое”, скончылася СІЗО, крымінальнай справай па артыкуле “Загадзя лжывае паведамленне пра небяспеку”, выхадам пад залог, забаронай пакідаць Беларусь і судом.

У калідоры размаўляю з іншымі супрацоўнікамі аэрапорта аб небяспецы няўдалых жартаў. “На дзвярах зоны дагляду вісіць адмыслова таблічка з напісам, які перасцерагае ад любых жартаў “не да месца” і папярэджвае пра адказнасць за іх”, ― тлумачаць мне. Гэтак жа пацвярджаюць: “кантактнаму дагляду” падлягаюць усе без выключэння пасажыры. А тых, хто выклікае падазрэнні сваімі паводзінамі ў інспектара, яшчэ прымусяць і абутак зняць, і на рэнтген могуць накіраваць, і на “асабліва пільны дагляд”. Неяк гэтаму супраціўляцца, нават на словах, сабе даражэй. Праўда, так ніхто мне нічога ўцямна і не патлумачыў: чаму ж рэчы Рымар, у якіх “мой траціл там”, так ніхто больш і не правяраў. Не кажучы ўжо пра выклік кінолагаў з сабакам, ці сапёраў.

Суд над грамадзянкай Расіі працягваецца, ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. І на фоне гэтага выпадку цікава, чым скончыўся жарт рэпера Сярогі ў аэрапорце “Унукава” наконт таго, што самалёт у Мінск, на які ён спазняўся, замініраваны: яго затрымалі, але ў хуткім часе вызвалілі. Што праўда, і яго ў выніку могуць пакараць тэрмінам да 3 гадоў за “лжывае паведамленне пра тэракт”.

Фота Змітра Лукашука