У адміністрацыі Трампа абвінавацілі ліберальныя НКА ў падтрымцы тэрору

Джэй Дзі Вэнс

Джэй Дзі Вэнс / Getty Images

Два найбліжэйшыя паплечнікі Дональда Трампа заявілі, што за забойствам правага актывіста Чарлі Кірка стаяла арганізаваная кампанія. Паводле іх, амерыканскія ўлады будуць змагацца з ліберальнымі арганізацыямі, такімі як фонд Сораса.

Прапаведнік і кансерватыўны агітатар Чарлі Кірк быў забіты ў мінулую сераду. Па абвінавачанні ў яго забойстве затрымалі Тайлера Робінсана. Няма ніякіх доказаў, што ён дзейнічаў у складзе нейкай групы.

Як перадае Бі-Бі-Сі, намеснік кіраўніка апарата прэзідэнта Стывен Мілер заявіў пра выкарыстанне ўсіх структураў урада ЗША для знішчэння таго, што ён назваў "велізарным унутраным тэрарыстычным рухам".

Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс падтрымаў заклікі нанесці ўдар па левых арганізацыях. Ён заявіў, што левыя амерыканцы "значна часцей абараняюць і праслаўляюць палітычны гвалт". Вэнс заклікаў прыцягнуць да адказнасці людзей, якія радаваліся забойству Кірка.

Таксама ён абвінаваціў дабрачынныя арганізацыі ў фінансаванні лева-ліберальнага часопіса The Nation, дзе выйшаў артыкул пра Кірка, які абурыў Вэнса. Ён назваў Фонд Адкрытае грамадства, заснаваны донарам Дэмакратычнай партыі Джорджам Сорасам, і Фонд Форда.

Абедзве арганізацыі заявілі, што цяпер не фінансуюць The Nation. А прадстаўнік фонду Форда дадаў, што часопіс атрымаў ад іх толькі адзін грант яшчэ ў 2019 годзе. У Фондзе Сораса назвалі заявы Вэнса ганебнымі і падкрэслілі, што фінансуюць толькі мірную і законную дзейнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.